Каза ў Гомелi, Цярэшка ў Вiцебску: як калядуюць у розных рэгіёнах Беларусі
© Мария Амелина, Times.by
Як праходзяць Каляды на Паазер'і і Палессi, Times.by расказала дацэнт кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Таццяна Пладунова.
Каляды – адно з галоўных святаў беларусаў, у якім пераплятаюцца паганства і хрысціянства. Адным з сімвалаў гэтага адзінства стала калядная зорка. Для адных гэта сонца – яно пачынае расці, набліжаючы нас да цяпла, лета з новым ураджаем, надзеямі на росквіт і дабрабыт у сям'і і доме. Для іншых – Віфлеемская зорка, якая вядзе да месца, дзе нарадзіўся Ісус.
Каталікі пачыналі адзначаць Каляды 25 снежня, праваслаўныя – 7 студзеня. Святкаванне працягваецца да Шчодрыка (так называюць навагодні вечар) і завяршаецца на Вадохрышча.
У розных частках Беларусі Каляды святкавалі ў розныя дні. Напрыклад, на Брэсцкім Палессі хадзілі больш на Шчодрык, на Гомельскім Палессі былі і Каляды, і Шчодрык.
«На Магілёўшчыне ладзілі калядны маскарад. А ў Гомельскім рэгіёне па вёсцы хадзілі з Казой, Сарокай. Таксама прыбіраліся ў маскі дзеда, бабы, кабылы, бусла. У Салігорскім раёне захавалі старажытную берасцяную маску», – расказвае Таццяна Пладунова.
Вось і атрымліваецца, што на поўдні Калядкі – гэта ў першую чаргу маскарад, у якім удзельнічалі і татэмныя жывёлы, і такія персанажы, як цыган, цыганка, афіцэр, барышня, доктар.
© Мария Амелина, Times.by
«Існуе маска цёткі Шчодра – гэта поўная, мажная жанчына. Надзявалі ёй прыгожы вянок ці карону. Яна ўвасабляла плоднасць, шчодрасць на будучы год», – прывяла прыклад дацэнт.
По словах суразмоўніцы, адметныя калядныя абрады існуюць у розных рэгіёнах Беларусі.
У вёсках Іванава Слабада i Тонеж у ноч з 13 на 14 студзеня праводзяць абрад «Засяванне». Калі на небе запальваюцца першыя зоркі, размаляваныя шчадроўнікі ходзяць пад вокнамі, спяваюць песні, водзяць «казу». Пакуль гучыць песня, гаспадары хаты выходзяць на парог, каб падзівіцца на гасцей. Калядоўшчыкі пасыпаюць гаспадароў зернем, кажучы: «Сею, вею, пасяваю, шчасця і здароўя жадаю!»
На Віцебшчыне па вёсках хадзілі калядоўшчыкі, але такога маскарада не было. Замест яго была распаўсюджана абрадавая гульня – «Жаніцьба Цярэшкі» ці «Цярэшкі».
Дзяўчаты і хлопцы прымяралі іншую ролю: жаніха і нявесты, дзядулькі і бабулькі, якія ажаніліся. Удзельнічала ў гульні нежанатая моладзь. На ролю бацькі з маткаю абіралі жанатых. У іх маладыя прасілі дабраславення. Усё праходзіла камічна і жартоўна, з танцамі і песнямі.
«Ёсць многа тэорый, чаму так называецца абрад. Але самы просты: Цярэшка – апякун шлюбу, – тлумачыць Таццяна Аляксандраўна. – Кожны хлопец прымяраў ролю будучага мужа, а дзяўчынка прыглядалася да яго. Часта адбывалася, што пары пасля гэтага абрада ладзілі сапраўдныя жаніцьбы. Такія вечары праходзілі па два тыдні на Віцебшчыне, асабліва ў Лепельскім, Глыбоцкім, Ушацкім, Полацкім районах».
Пасля жартоўнай жаніцьбы пачыналася лоўля: дзядулькі ўбягаюць ад бабулек, потым наадварот. Паміж кожнай жаніцьбай абавязкова танцавалі «Лявоніху».
Ёсць яшчэ абрад «Калядныя цары». Яго можна штогод бачыць на стары Новы год ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна. Ён з'явіўся ў канцы XIX стагоддзя, калі вёска перайшла ў валоданне царскай Расіі. Кожны Новы год салдаты рускай арміі хадзілі па сялянскіх хатах і віншавалі гаспадароў са святам. Калі ж салдаты з'ехалі, мясцовыя жыхары ці то жартам, ці то ўсур'ёз працягнулі традыцыю віншаванняў у салдацкай форме. Па новым календары гэты дзень выпадаў на 13 студзеня, а не на 31 снежня.
«У народзе гэты вечар завецца «Шчодры вечар». Сем кавалераў-салдат ходзяць па вёсцы. Суправаджаюць іх «лекар» і іншыя героі. У кожным доме «Калядныя цары» разыгрываюць сцэнкі. Пасля заканчэння святочнага паходу па вёсцы ўсіх удзельнікаў чакае шчодры пачастунак. Бо ні з аднаго дома «цароў» не адпускаюць без дароў – пірагоў, каўбасы, сала і іншага», – адзначае Таццяна Пладунова.
Зараз гэта своеасаблівае каляднае прадстаўленне, у якім удзельнічаюць юнакі і маладыя мужчыны – «цары». Як правіла, «цароў» сем, кожны мае пэўнае імя – цар Максімільян, цар Мамай, цар Іван Грозны і г. д. Акрамя таго, у абрадзе ўдзельнічаюць лекар і механоша, гарманіст і барабаншчык, а таксама традыцыйныя для беларускіх Каляд маскі «дзед» і «баба».
У 50-я гг. XX ст. абрад быў забаронены, але некаторыя вяскоўцы таемна хадзілі шчадраваць. Дзякуючы мясцовай супольнасці і падтрымцы навукоўцаў, абрад трапiў у спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей чалавецтва ЮНЭСКА.

